Шаноўныя адзінаццацікласнікі! Сусветную гісторыю ХІХ — пачатку ХХІ ст. вы ўжо вывучалі ў 8 і 9 класах. У 11 класе вам трэба будзе авалодаць асновамі навуковага падыходу да вывучэння гісторыі. Бо асноўная мэта дадзенага курса — абагульніць і сістэматызаваць веды, асэнсаваць гістарычны працэс, зразумець заканамернасці і тэндэнцыі гістарычнага развіцця, што асабліва важна для разумення свету, у якім вы жывяце. Таму пры вывучэнні матэрыялу большая ўвага будзе надавацца не пытанню «Як гэта адбылося?», а пытанню «Чаму гэта адбылося?».








