У гэтым навучальным годзе вы працягнеце вывучэнне курса хіміі, з асновамі якога пазнаёміліся ў 7-м класе. Вам трэба будзе вывучыць уласцівасці найважнейшых класаў неарганічных злучэнняў — аксідаў, кіслот, асноў і солей. Вы пазнаёміцеся з перыядычным законам і перыядычнай сістэмай хімічных элементаў, з будовай атамаў. Вы даведаецеся шмат цікавага аб хімічнай сувязі, акісляльна-аднаўленчых рэакцыях і аб растворах. Гэтыя веды паслужаць падмуркам для далейшага вывучэння хіміі.








